Навіны

Жыхара Наваградку Руслана Кузьміча затрымалі за камэнтар у Telegram

Жыхара Наваградку Руслана Кузьміча затрымалі за камэнтар у Telegram пра зброю. Яму пагражае да 6 гадоў калоніі.

Руслану Кузьмічу 38 гадоў, жанаты, дзяцей няма. Працуе сьлесарам-электрыкам у прыватнай фірме Наваградку. Жонка называе іхнюю сям’ю «простай», у сэнсе «ня надта палітычна актыўнай»

Як расказала жонка Руслана Анастасія, мужа затрымалі 6 кастрычніка. Яго вінавацяць паводле новага артыкулу Крымінальнага кодэксу «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (частка 1 артыкулу 361-4). За гэта яму пагражае 6 гадоў калёніі.

Даслоўна камэнтара мужа Анастасія ня ведае, але «гэта літаральна некалькі словаў». Пра зьмест абвінавачаньня яна даведалася з навінаў на дзяржаўнай тэлевізіі. Знаёмыя пазванілі ёй і параілі ўключыць тэлевізар. Там паведамілі, што Руслан пакінуў камэнтар у «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале. Пад відэа з выявай невядомага чалавека са зброяй ён напісаў нешта кшталту: «Час і нам брацца за зброю».

Частка 1 артыкулу 361-4 КК Беларусі расшыфроўваецца як «Вэрбаваньне, іншае ўцягненьне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасьць, навучаньне, а таксама іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». За гэта могуць засудзіць да 4 гадоў «хіміі» або да 6 гадоў калёніі.

«На працы на добрым рахунку, добрасумленны, любячы», — характарызуе мужа жыхарка Наваградку.

Анастасія расказала, што ў іх звычайная, простая сям’я. Яна ня можа сказаць, што яны надта палітычна актыўныя. Ці быў зьвязаны камэнтар зь перастрэлкай у Менску, падчас якой загінуў айцішнік і супрацоўнік КДБ, яна ня ведае. Яны не абмяркоўвалі гэтую падзею дома з мужам, як і звычайна не гаварылі на палітычныя тэмы.

Руслана Кузьміча двойчы судзілі ў 2020 годзе за ўдзел у «несанкцыянаваных мітынгах» у Наваградку. Летась у верасьні ён атрымаў штраф, а ў кастрычніку 15 дзён арышту. Жонка ведае, што Руслан выступаў супраць цяперашняй улады.

Пры затрыманьне мужа яна даведалася толькі ўвечары, калі вярнулася з працы. Дома правялі ператрус, забралі ўсю тэхніку. Цяпер Руслан Кузьміч знаходзіцца ў СІЗА ў Баранавічах. Адвакат яго яшчэ не наведваў, перадачу прынялі.

На пытаньне, ці Анастасія паведамляла праваабаронцам пра затрыманьне мужа, ці падавала зьвесткі, каб яго прызналі палітвязьнем, жанчына адказала, што ня цяміць у гэтых пытаньнях і зьвяртацца некуды ёй не прыйшло да галавы.

«Быў шок, што проста за нейкі камэнтар забралі. Ніхто са знаёмых, калегаў нас не асуджае. Людзі падтрымліваюць. Усе ў шоку, што за камэнтар можна трапіць у такую сытуацыю», — кажа Анастасія.

svaboda.org

 

14.10.2021

Архіў

Кастрычнік 2021
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты