Навіны

Уладзімір Яўхута больш не суддзя абласнога суду

Апублікаваны ўказ Лукашэнкі аб прызначэнні і вызваленні суддзяў. Зусім сыходзяць прынамсі тры суддзі, якія выносілі палітычныя рашэнні ў 2020 годзе і раней.

Сярод іншых вызвалены ад пасады суддзя гарадзенскага абласнога суду Уладзімір Яўхута, які 16 жніўня асудзіў на 3,5 года калоніі гарадзенца-палітвязня Леаніда Герасімлюка нібыта за «заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь праз інтэрнэт». Яўхута адмовіў у выкліку на суд супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, якія, са словаў гарадзенца, яго збівалі і аказвалі ціск на хворую маці.

Варта прагадаць і іншыя пастановы суддзі Яўхуты пры пераследзе людзей паводле палітычных матываў:

8 красавіка 2021 году ў Гарадзенскім абласным судзе калегія з трох суддзяў разглядала адразу дзве апеляцыйныя скаргі палітвязняў - Вітольда Ашурка з Бярозаўкі, які быў асуджаны на 5 гадоў калоніі, і гарадзенца Сяргея Рымшы, які зняволены на тры з паловай гады калоніі. У склад судовай калегіі ўваходзілі Валерый РаманоўскіАляксандр Козел і Уладзімір Яўхута. Гэтыя суддзі не задаволілі скаргі Ашурка і Рымшы. Вітольд Ашурак судом Лідскага раёну, а Сяргей Рымша судом Ленінскага раёну Гародні былі засуджаны паводле артыкулаў крымінальнага кодэкса 342 частка 1, і 364.

9 ліпеня 2020 году ў Гарадзенскім абласным судзе суддзя Уладзімір Яўхута прадказальна не задаволіў скаргу Сяргея Ціханоўскага на пастанову суда Ленінскага раёну Гародні. Гарадзенскі адвакат Ціханоўскага пасля пастановы суддзі Юрыя Казакевіча падаў скаргу ў абласны суд ад імя Ціханоўскага. Разам з скаргай адвакат падаў хадайніцтва пра тое, каб забяспечыць удзел Ціханоўскага на разглядзе скаргі праз відэасувязь. Але суддзя Яўхута не задаволіў гэтае хадайніцтва - нібыта ажыццявіць такую відэасувязь "в настоящее время не представляется возможным".

23 студзеня 2020 году суддзя Уладзімір Яўхута не задаволіў касацыйную скаргу Вадзіма Саранчукова (аштрафаваў суддзя Руслан Хіхол на 25 базавых велічынь). Працэс датычыў удзелу ў

грамадскай акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі, што адбылася ў Гародні 15 снежня 2019 году.

У снежні 2016 году суддзя Уладзімір Яўхута не задаволіў скаргу сьвіслацкага грамадскага актывіста Юрыя Глебіка. Удзельнік Дня памяці паўстанцаў 1863 году аспрэчваў пастанову галоўнага суддзі Сьвіслацкага раёну Аляксандра Шыліна, які аштрафаваў грамадскага актывіста на 40 базавых велічынь.

Відэа

праваабарончыя сайты