Навіны

У свеце ашуканства

Многа пішуць апошнім часам пра дэградацыю і няўхільны скон нашай цывілізацыі. Хоць кожны па-рознаму і па-свойму разумее тую саму цывілізацыю, ёсць напэўна ўсё ж нейкія падставовыя рэчы, якія вызначаюць сутнасць еўрапейскай тоеснасці і традыцыі. Ці справа датычыць палітыкі, ці бізнесу, ці проста звычайных людскіх стасункаў, раней лічылася, што слова, дамова, абяцанне, нешта азначаюць. Зараз жа ўсё змянілася.

Асабліва ашуканства датычыць тэхнічнага боку нашага жыцця. Гэты тэхнічны прагрэс дасягнуў неверагодных вышынь, побыт чалавека за адно жыццё, скажам за апошнія 50 гадоў змяніўся да непазнавальнасці. Смартфоны, айфоны, ноўтбукі, электронныя карткі ўвайшлі, ўкараніліся ў жыццёвы цяг людзей настолькі глыбока, што ўжо здаецца – так было заўсёды. Але практычна ўсюды чалавека чакае падман, ашуканства і недарэчнасці. Усе мазгі вынаходнікаў, стваральнікаў новага скіраваны найперш на выцягванне з людзей грошай, на стварэнне для карыстальнікаў нязручнасцяў і цяжкасцяў, за пераадоленне якіх, канечне, трэба заплаціць.

Вось тыя ж сама прылады і гаджэты, функцыя якіх найперш палепшыць камунікацыю паміж людзьмі, палегчыць і паскорыць ім выкананне працоўных заданняў, ну і ў дадатак забяспечыць рэлаксацыю і псіхалагічную разгрузку. Першыя кампутары, мабільныя тэлефоны былі досыць простымі і зручнымі ў сваіх асноўных функцыях. Але з цягам часу, калі яны пачалі дасканаліцца, пачалі зяўляцца не толькі новыя магчымасці, але і новыя праблемы. Раней то я наіўна думаў, што тэхнічныя вынаходнікі-мудрагелі глядзяць на рэчы сваімі мазгамі і не думаюць пра звычайнага сярэдняга карыстальніка. Але ўсё наадварот. Вельмі нават думаюць! Просты прыклад. Купіў неяк адзін мой сябра новы смартфон. Доўга не мог ім нацешыцца і быў задаволены яго функцыямі і зручнасцю карыстання. Але вось прайшоў год і заблакаваўся ў гэтым тэлефоне адзін з вельмі патрэбных майму сябру мэсэнджараў. Доўга спрабаваў ён аднавіць патрэбнае, але ўсё марна. Панёс свой тэлефон тады да майстра. Той круціў мабільнік некалькі гадзін, але так і не даў рады развязаць праблему. Урэшце патэлефанаваў яшчэ больш дасведчанаму спецыялісту. І толькі той здолеў «паставіць дыягназ». Выявілася, што на гэтай марцы тэлефона праз год карыстання, тэхнічна немагчыма абнаўленне пэўных праграм і мэсэнджараў. Простай мовай кажучы, прайшоў год – выкідай гэты апарат і купляй новы. І гэта было закладзена вытворцам адмыслова. Ну ці ж не ашуканства?! Са свайго карыстання прыладамі памятаю, як радаваўся, калі зявілася магчымасць адкрываць сваю электронную пошту з тэлефону. Маеш інтэрнэт у мабільніку – у кожным месцы аператыўна адкрыў свой мэйл і атрымаеш інфармацыю. Але ўжо ў сваім наступным тэлефоне я ніяк не мог вылагавацца з сваёй электроннай пошты, давялося пытацца ў дасведчанага чалавека як гэта зрабіць. А ў яшчэ навейшай мадэлі тэлефона выявілася, што выйсці з сваёй пошты ўвогуле амаль немагчыма. Увайсці можаш лёгка – выйсці не! Лішне казаць, як гэтыя тэхнічныя пасткі нэрвуюць звычайнага карыстальніка.

І так ва ўсім. Возьмем тыя ж сама аўтамабілі. Раней кожны другі кіроўца мог направіць нейкія дробныя няспраўнасці ў сваім чатырохколавым сродку перамяшчэння. Што апрача эканоміі грошай давала тэхнічнае разуменне машыны. Зараз жа канструктары робяць усё так, каб той жа кіроўца не мог сам замяніць нават дробную дэталь. Чалавека змушаюць звяртацца ў сэрвіс па кожнай дробязі, а ў самых аўтамабілях закладаецца чым хутчэйшы знос, чым больш складаная замена механізмаў і таму падобнае. Каб адездзіўшы пару гадоў, ты купляў новае аўто. Раней тэхніка рабілася з прыцэлам на яе трываласць і даўгавечнасць. Зараз жа – усё наадварот. Гэта і ёсць адзін з яскравых сутнасных паказнікаў дэградацыі нашай цывілізацыі.

Сучасны свет усё больш заганяе чалавека з раэльнасці ў віртуальнасць, дзе спосабаў сачэння за намі і варыянтаў ашуканства становіцца ўсё больш. Хацеў тут расказаць яшчэ адну нядаўнюю жыццёвую і павучальную гісторыю, яшчэ адзін прыклад рэчаіснасці. Але ўжо бракуе мне плошчы. Так што хіба наступным разам...

Уладзімір Хільмановіч

09.09.2021

Відэа

праваабарончыя сайты