Навіны

Праваабаронцы запускаюць міжнародную кампанію #FreeViasna

6-7 верасня ў Вільні адбылася каардынацыйная сустрэча, прысвечаная падтрымцы зняволеных праваабаронцаў “Вясны” - #FreeViasna.

У выніковай прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, сярод якіх FIDH, Amnesty International, Human Rights Watch, Human Rights House Foundation, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Front Line Defenders, Ostgruppen, Freedom House, Libereco – Партнёрства за правы чалавека, Right Livelihood, ПЦ “Вясна”, БХК і БАЖ.

Кіраўнік аддзела па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі ў Міжнароднай арганізацыі за правы чалавека (FIDH) Ілля Нузаў распавёў, што на працягу двух дзён прадстаўнікі праваабарончых арганізацый сабраліся, каб абмеркаваць тыя захады, якія можна зрабіць дзеля найхутчэйшага вызвалення праваабаронцаў “Вясны” і ўсіх палітвязняў у Беларусі. Ён падкрэсліў, што “Вясна” – гэта партнёрская арганізацыя FIDH, а ў дадзены момант дзейсны віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч і былы віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі знаходзяцца за кратамі.

“Мы плануем вялікую кампанію, накіраваную на дасягненне нашай мэты, пачатак якой прызначаны на 17 верасня – дзень, калі год назад была затрыманая каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, якая да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні”.

Юрыст “Вясны” Павел Сапелка распавёў па дзейнасць арганізацыі і той пераслед, які спазналі праваабаронцы за апошні год: дзясяткі сябраў арганізацыі былі затрыманыя ў Мінску і рэгіёнах, у іх праходзілі ператрусы і допыты, сямёра чалавек дагэтуль застаюцца за кратамі – Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь ЛабковічМарфа РабковаАндрэй ЧапюкЛеанід Судаленка і Таццяна Ласіца.

“Вясна дасягнула шматлікіх поспехаў, таму стала вельмі нязручнай для дзяржавы.

І 2020 годзе мы былі падрыхтаваныя да таго, што ўлады будуць пераследваць нашую арганізацыю. Так і адбылося”.  

Прадстаўніца “Вясны” Наталля Сацункевіч адзначыла, што нягледзячы на моцны ўдар з боку ўладаў, праваабаронцы, як і шматлікія іншыя недзяржаўныя арганізацыі, працягваюць сваю працу па абароне і прасоўванні правоў грамадзянаў. Яна таксама ўзгадала і працытавала словы зняволенага старшыні Алеся Бяляцкага, які сказаў:

“Да той пары, пакуль апошні вясновец будзе на свабодзе, мы будзем працягваць сваю працу”.

Старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэта Алег Гулак сказаў, што праваабаронцы ўспрымаюцца ўладамі як ворагі, а іх дзейнасць – антыдзяржаўнай. Менавіта таму, праваабаронцы зараз знаходзяцца за кратамі.

“Важна адзначыць, што праца “Вясны” працягваецца, а людзі працягваюць атрымоўваць дапамогу, таму што праблемы ў краіне нікуды не падзеліся: сотні арганізацый закрытыя, людзі пераследуюцца па крымінальных справах, некаторыя знаходзяцца ў зняволенні.

Сілавікі не могуць спыніцца і працягваюць шукаць ворагаў у тых людзях, якія хочуць для краіны лепшай будучыні і жыцця для людзей”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец распавёў пра тую сітуацыю з рэпрэсіямі ў Беларусі за апошні год, якая склалася, і асобна пра ціск на грамадзянскі сектар.

“Мы павінны зрабіць усё магчымае для таго, каб гэтая жудасная сітуацыя была змененая ў бліжэйшы час, хоць нашых рэсурсаў для гэтага недастаткова. Але мы ўсё адно павінны рабіць тое, што павінны. І павінны звярнуць асобную ўвагу на нашых калегаў з “Вясны”, - падкрэсліў Бастунец.

Аліна Стэфановіч падзякавала ўсім за праяўленную салідарнасць і распавяла, як праходзіла затрыманне Валянціна. Жонка праваабаронцы адзначыла, што вельмі дрэнна праходзіць перапіска: яна атрымала толькі тры ліста ад мужа, а яго маці – толькі адзін ліст. Сам Валянцін рыхтуецца на працяглую разлуку з сям’ёй і сябрамі.

“Мяне захапляе, што нават там ён застаецца праваабаронцам!

І спадзяюся, што ўсё будзе недарма, што Валянцін і іншыя нашыя сябры выйдуць, і я змагу сустрэць мужа ў Мінску, у вольнай Беларусі”, - сказала Аліна Стэфановіч.

Наталля Сацункевіч падкрэсліла, што ўмовы ўтрымання для ўсіх палітычных зняволеных – невыносныя, ім адмыслова ствараюць абмежаванні ў ліставанні і спатканнях з абаронцамі. Акрамя таго, Марфа Рабкова сутыкаецца з псіхалагічным ціскам: з ёй праводзяцца працэсуальных дзеянні без удзелу абаронцы. Вядома, што палітвязні, у тым ліку і праваабаронцы, цяжка перахварэлі на COVID-19, ім не аказваецца належная медыцынскай дапамога, бытавыя ўмовы вельмі дрэнныя.

 

Спецдакладчыца ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім выступе адзначыла, што ў Савеце ААН занепакоеныя лёсам усіх зняволеных праваабаронцаў, затрыманне якіх там лічаць неправамерным і палітычна матываваным. Анаіс Марэн сумесна з іншымі тэматычнымі дакладчыкамі накіроўвае ўладам Беларусі свае заўвагі і пытанні, і часта толькі з гэтай камунікацыі грамадзянская супольнасць можа атрымаць афіцыйную інфармацыі. Чарговы даклад Спецдакладчыка будзе прадстаўлены 25 кастрычніка ў Нью-Ёрку на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН і будзе тычыцца палажэнню з правамі жанчын у Беларусі, у тым ліку жанчын-правааброцаў.

Прадстаўніца Amnesty International Хэзэр Макгіл адзначыла, што для яе вялікі гонар знаходзіцца сярод смелых праваабаронцаў, якія плацяць вельмі высокую цану за сваю дзейнасць. Amnesty International на працягу 20 гадоў цесна супрацоўнічае з “Вясной”, БАЖ, БХК па розных тэмах, звязаных з правамі чалавека.

“А самую высокую цану плацяць зараз тыя, хто знаходзіцца ў турме. Мне вельмі складана ўсвядоміць тое, што цяпер не працую з Алесем, Валянцінам, Уладзімірам, але працую дзеля іх”.

Хэзэр Макгіл запэўніла, што яе арганізацыя будзе працаваць да той пары, пакуль сямёра палітзняволеных праваабаронцаў не будуць вызваленыя.

Прадстаўніца Human Rights Watch Анастасія Злобіна падкрэсліла: маштаб рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці за апошні год беспрэцэдэнтны.

“25 год “Вясна” абараняе правы чалавека і дапамагае людзям, а зараз праваабаронцы самі маю патрэбу ў міжнароднай падтрымцы, якой і прысвечаная кампанія #FreeViasna. І гэтая кампанія дапамагае прыцягнуць увагу да праблемаў усіх праваабаронцаў у краіне. Мы доўгі час разлічвалі на “Вясну”, і без праваабаронцаў у Беларусі немагчыма праца многіх міжнародных арганізацый”.

08.09.2021

Відэа

праваабарончыя сайты