Навіны
Справа Аляксея Лапы: экспертыза не праясніла сітуацыю
18 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні прадоўжыўся працэс па крымінальнай справе гарадзенца Аляксея Лапы. Напомнім, што яго вінавацяць паводле артыкулу 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Як "пацярпелыя" у справе фігуруюць два супрацоўнікі ОМОН - Арцём Логіш і Дзмітрый Конан.
Справу вядзе суддзя Кастрычніцкага раённага суду Дзмітрый Кедаль. Дзяржабвінаваўцам выступае пракурор Георгій Смольскі.
Па версіі абвінавачвання, Аляксей Лапа 11 жніўня з мэтай перашкодзіць дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі ўжыў гвалт над імі, наехаўшы на іх на машыне. Пры гэтым толькі ў Конана былі сінякі і ранкі, драпіна на ілбе, якія выклікалі кароткачасовую страту здароўя. Насамрэч 11 жніўня каля плошчы Дзекабрыстаў машыну Аляксея спынілі супрацоўнікі АМАПу і жорстка затрымалі чатырох чалавек. Таксі сілавікі разбілі, людзей, якія знаходзяцца ўнутры, выцягнулі на дарогу і моцна збілі. Асабліва пацярпелі Аляксей Лапа і Ігар Лазавік. Аднак крымінальныя справы адкрылі менавіта на іх, а не на людзей, якія іх жорстка збівалі.
У працэсе, які, відаць, набольш працяглы з усіх аналагічных спраў, быў доўгі перапынак, паколькі чакалі вынікаў фанетычнай экспертызы.
Сёння ў судзе адбыўся допыт эксперта Андрэя Дзмітрова. Суддзя зачытаў заключэнне ад 26 студзеня аб правядзенні фанетычнай экспертызы, у якой размовы на відэа файлах. Фанетычная экспертыза праводзілася па хадайніцтве адваката, але ў заключэнні эксперта не была даследавана прыналежнасць галасоў. Не высветлена каму яны дакладна належаць - супрацоўнікам міліцыі, або людзям у чорным ў балаклавах, або сведкам, які здымалі падзеі з вакна кватэры. Каб гэта высветліць - патрэбныя дадатковыя даследаванні.
Што датычыць апытання яшчэ аднаго омоновца - Конана, то ён у суд 18 лютага не з'явіўся. Пазней высветлілася, што Конан у камандзіроўцы.
фота праваабаронца Рамана Юргеля