Навіны

Абласны суд прадказальна не задаволіў скаргі зняволеных Гароха і Кірэшчанкі

18 лютага ў Гарадзенскім абласным судзе прайшоў разгляд апеляцыйнай скаргі засуджаных паводле крымінальных артыкулаў Уладзіміра Гароха і Дзяніса Кірэшчанкі. Напомнім, што 29 снежня 2020 года старшыня Наваградскага суда Васіль Аляхновіч прызнаў іх вінаватымі (Уладзіміра Гароха —  па ч.1 арт. 13, ч.1 арт. 293, ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу, Дзяніса Кірэшчанку — па ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэксу) і прысудзіў:

Уладзіміру Гароху — 6 гадоў і 6 месяцаў па ч. 1 арт. 293 і 1 год па арт. 368. Шляхам частковага складання агульнае пакаранне склала 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Дзянісу Кірэшчанку — 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Апеляцыйную скаргу разглядала судовая калегія ў наступным складзе: Васіль Скок, Дзмітрый Бубенчык, Аляксандр Козел. Старшынстваваў Скок.

Бок дзяржаўнага абвінавачання прадстаўляла старшы пракурор Наталля Горбач. Скаргі засуджаных і юрыдычныя аргументы ў абарону выклалі іх адвакаты.

Адвакаты звярталі ўвагу на тое, што ў аснову абвінавачання ляглі паказанні аднаго са сведак, у той час, як паказанні іншых былі фактычна праігнараваны. Па-сутнасці ўся віна Кірэшчанкі палягала ў тым, што ён паказаў некалькім чалавекам тэлескапічную дубінку, а фактычна тое, як яна адкрываецца. Абодва асуджаныя не мелі намеру ўцягваць іншых у супраціў міліцыі. Фактычна ніякай шкоды нікому не было нанесена. Акрамя размоваў Гароха, ніякіх злачынных дзеянняў ён не здзейсніў. Яго асудзілі "за магчымае здзяйсненне калі-небудзь чаго-небудзь". Высновы раённага суду маюць меркаваны характар. Наваградскі раённы суд вельмі дзіўна патрактаваў матэрыялы справы і фактычна ў прыгаворы кваліфікаваў дзянні Гароха па частцы 3 артыкулу 293, а асудзіў па частцы 1 гэтага ж артыкулу. 

Уладзімір Гарох не толькі не здзейсніў дзеянняў, у якіх яго звінавацілі, але і не меў практычных магчымасцяў іх здзейсніць. А ў матэрыялах суду гутарка ідзе пра магчымы падпал будынкаў РАУС у Карэлічах і Наваградку, пра стварэнне намётавага гарадку на Замкавай гары ў Наваградку. Але ніякіх магчымасцяў у Гароха і матэрыяльных рэчаў дзя здзяйснення такіх злачынстваў не было, што і пацвярджаюць матэрыялы следства.

Непрацяглы выступ пракуроркі Горбач быў скіраваны на тое, што віна асуджаных поўнасцю даказана. 

Пасля 20-хвіліннага перапынку судовая калегія вярнулася ў залу суда, дзе чакалі блізкія і сваякі Уладзіміра Гароха. Суддзя Васіль Скок прадказальна агучыў, што віна засуджаных поўнасцю даказана і апеляцыйныя скаргі калегія не задавальняе.

 

 

Відэа

праваабарончыя сайты