Навіны

65 гадоў таму ў Гародні арыштавалі Браніслава Ржэўскага

Роўна 65 гадоў таму ў Гародні савецкія карныя органы арыштавалі Браніслава Ржэўскага, беларускага літаратуразнаўца і педагога. 

Якраз тады ўзмацняўся прэсінг на беларускае нацыянальнае жыццё, паступова ліквідавалася беларуская школа. Актыўна праводзілася палітыка русіфікацыі, якая трохі пазней, у 1959 годзе, была абвешчаная Мікітам Хрушчовым у час яго візіту ў Менск праграмнай лініяй. У сярэдзіне 50-ых гадоў Ржэўскі пачаў уласную кампанію публічных зваротаў да ўладаў, пісаў лісты ў цэнтральныя беларускія газеты і ўстановы, звяртаўся да вядомых дзеячаў БССР. У зваротах у рэзкай форме пісаў пра палітыку, якая праводзілася ў Беларусі, пра адміністрацыйныя абмежаванні беларускай мовы ў сферы адукацыі, культуры і публічнага жыцця. Арганізаваў напісанне студэнтамі інстытуту, сярод якіх быў вельмі папулярны, заяваў пра становішча нацыянальнай мовы.

16.02.1957 арыштаваны проста на лекцыі ў інстытуце, у яго доме быў праведзены ператрус. 21.02.1957 праведзены паўторны ператрус, у выніку якога з асабістай бібліятэкі былі канфіскаваныя кнігі, пераважна выдадзеныя ў міжваенны прыяд у Заходняй Беларусі, кнігі беларускіх антыкамуністычных аўтараў (Францішка Аляхновіча, ксяндза Адама Станкевіча і інш.). Канфіскаваныя баявыя ўзнагароды, а таксама рукапісы вершаў, у якіх Сталін называўся забойцам, Няронам і Чынгізханам, а беларусы заклікаліся да вызвалення.

У абарону Ржэўскага была праведзеная грамадская кампанія. Сяляне в. Скарчэва, дзе ў пачатку вайны ён жыў, сабралі 35 подпісаў у яго абарону. Асобна склала хадайніцтва група мясцовых дэпутатаў. 25.03.1957 засуджаны Гарадзенскім абласным судом паводле артыкулу 72 Крымінальнага кодэксу БССР на 7 год пазбаўлення волі. Трапіў у лягеры ГУЛАГу, калі тысячы людзей выходзілі з іх.

У зняволенні працягваў кампанію петыцыяў. Прыкладам накіраваў сябру Прэзідыуму ЦК КПСС Фурцавай ліст пра становішча беларускай мовы ў БССР. Тэрмін адбываў у Дуброўлагу (Мардовія). У 1961 годзе Пленум Вярхоўнага суда БССР перагледзеў справу і датэрмінова яго вызваліў.

Пасля вяртання ў Гародню апынуўся ў атмасферы ізаляцыі: пісаў літаратуразнаўчыя артыкулы і рэцэнзіі, але публікаваць іх было забаронена; шлях у вышэйшую школу быў закрыты. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. За домам быў арганізаваны нагляд КГБ. 29-га сакавіка 1990 года пасмяротна рэабілітаваны. З тых твораў, якія ня былі забраныя КДБ у час ператрусаў, з літаратурнай спадчыны засталася нязначная частка.

Памёр Браніслаў Ржэўскі 10 лютага 1980 года ў Гародні. Пахаваны ў Гародні на могілках па праспекце Касманаўтаў. У 1989 годзе беларускі часопіс “Крыніца” упершыню апублікаваў фрагмент успамінаў пра Ржэўскага. Доўгі час грамадскасць не ведала нават месца яго пахавання. Апошнія 10 гадоў грамадскія актывісты прыходзяць на магілу дысідэнта, каб запаліць знічкі і ўшанаваць яго памяць.

16.02.2021

Відэа

праваабарончыя сайты