Навіны

Справа Фурманава-Разнічэнкі-Кнігі: сведкам выступіў Салянік

12 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну адбыўся працяг разгляду рэзананснай крымінальнай справы трох гарадзенцаў - Дзмітрыя ФурманаваЯўгена Разнічэнкі і Уладзіміра Кнігі. Справу вядзе суддзя Вольга Бекушава, пракурор Мікіта Мыслівец. Абвінавачаных бароняць тры менскія адвакаты. Фігуруюць артыкулы 342 і 364 Крымінальнага кодэксу.

У гэты дзень на працэсе былі дапытаныя наступныя сведкі - Вольга Кніга (жонка абвінавачанага Уладзіміра Кнігі) і вядомы грамадска-палітычны актывіст Мікалай Салянік

Вольга Кніга расказала, што яна беспрацоўная, дома даглядае дзіця-інваліда, іншых абвінавачаных - Фурманава і Разнічэнку не ведае. Яе муж, Уладзімір Кніга, раней працаваў міліцыянтам ППС, быў засуджаны да трох з паловай гадоў за нібыта перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Вызваліўшыся, працаваў кіроўцам. У той дзень паехаў паглядзець на сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім. Бачыла мужа са стрыму ў той вечар, ён стаяў у баку, у канфлікце ніяк не ўдзельнічаў.

Кніга расказала, што 29 траўня муж позна ўвечары вярнуўся дамоў. Ён расказаў, што супрацоўнікі ОМОНа прымянілі ўдушальны прыём і ўдарылі ў грудную клетку, яму балела шыя. У час падзей Уладзімір Кніга падыходзіў да супрацоўнікаў міліцыі і пытаўся, на якой падставе затрымліваюць Сяргея Ціханоўскага. Затрымалі Уладзіміра Кнігу 4 чэрвеня 2020 года на Плошчы Савецкай, калі ён як валанцёр дапамагаў ставіць палатку сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай для збору подпісаў.

 Потым адбыўся прагляд відэа 29 траўня, пракурор прапанаў Вользе Кнізе даць сваю прававую ацэнку дзеянняў следчага, які яе дапытваў. Адвакаты выступілі супраць такой пастаноўкі пытання. Урэшце суддзя папрасіў пракурора не задаваць пытанняў Кнізе па відэа.

Наступным сведкам выступіў Мікалай Салянік. Ён паведаміў, што з'яўляецца сябрам БНК, намеснікам Мікалая Стакевіча па Гарадзенскай вобласці. Салянік сказаў, што з Кнігам не знаёмы, з Разнічэнкам пазнаёміўся, калі прыязджаў Ціханоўскі ў гарадзенскі Парк Жылібера. Фурманава ведае крыху больш, паколькі той збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. З чатырма "пацярпелымі" міліцыянтамі не знаёмы. Сказаў, што вельмі добра ведае Сяргея Ціханоўскага, даваў інтэрв'ю для яго інтэрнэт-каналу. Салянік пацвердзіў, што ў той вечар Дзмітрый Фурманаў мірна і спакойна збіраў за столікам подпісы. А Ціханоўскі адказваў на пытанні людзей, вёў дыялог, зневажальнага нікому нічога не гаварыў, не парушаў закон. Тым больш не было заклікаў да нейкіх гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Салянік расказаў, што бачыў як гвалтоўна схапілі Фурманава за столікам і быў абураны гэтым, нават праз рупар выказаў, што робіцца беззаконне. Салянік сказаў, што тады цэлы час выступаў супраць гвалтоўных дзеянняў, а потым прапанаваў пайсці да будынку УУС Гарадзенскай вобласці, каб высветліць, дзе затрыманыя і чаму іх затрымалі. Потым Салянік заклікаў усіх разысціся, пра гэта яго папрасіла Святлана Ціханоўская, каб не знялі з выбарчай кампаніі яе ініцыятыўную групу. Салянік паведаміў, што яго затрымалі на наступны дзень, 30 траўня. А пазней аштрафавалі за той дзень на 20 базавых велічынь. Салянік сказаў, што ён як інвалід 2-й групы ляжаў у шпіталі, а яго ахоўвалі два міліцыянты.

Далей суддзя зачытаў пратакол допыту Саляніка ад 9 чэрвеня 2020 года. Потым пракурор задаў Саляніку яшчэ некалькі пытанняў.

Пасля гэтага  ў працэсе абвешчаны перапынак. Наступнае паседжанне пройдзе 17 лютага і пачнецца а 14.45.

фота праваабаронца Рамана Юргеля

 

 

 

 

Відэа

праваабарончыя сайты